ЧАН КАЙШЫ́, Цзян Цзешы,
Цзян Чжунчжэн (31.10.1887, в. Сікоку, прав. Чжэцзян, Кітай — 5.4.1975),
кітайскі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Генералісімус (пасля 1927). Скончыў ваен. курсы ў г. Баадзін (Кітай) і пях. вучылішча ў Токіо. З 1908 у рэв. арг-цыі Тунмэнхой. З часу Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 паплечнік Сунь Ятсена і адзін з кіраўнікоў Гаміньдана. Адзін з кіраўнікоў узбр. сіл ва ўрадзе Сунь Ятсена, з 1926 галоўнакаманд. Нац.-рэв. арміяй; адначасова з 1926 лідэр Гаміньдана. Кіраўнік Паўночнага паходу 1926—28, у выніку якога Кітай аб’яднаны пад уладай Гаміньдана. З таго часу галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Кіт. Рэспублікі і яе фактычны кіраўнік (з 1943 прэзідэнт). З канца 1920-х г. вёў амаль няспынную барацьбу з камуністамі. Кіраваў Нацыянальна-вызваленчай вайной кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45. Пацярпеў паражэнне ад камуністаў у новай грамадз. вайне (1946—49), эвакуіраваўся з рэшткамі войск на в-аў Тайвань, якім кіраваў да канца жыцця як прэзідэнт Кітая. У 1950—60-я г. ініцыіраваў эканам. рэформы, якія ператварылі Тайвань у адзін з найб. развітых рэгіёнаў Азіі.
Літ.:
Галенович Ю.М. Цзян Чжунчжэн, или Неизвестный Чан Кайши. М., 2000.
В.У.Адзярыха.
т. 17, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)